Сёлета экспарт польскага ўзбраення дасягне 1,7 мільярда злотых. Гэта рэкорд у параўнанні з папярэднімі гадамі, ён стаў вынікам вайны ва Украіне. Тэму асвятляе штодзёнка «Dziennik Gzeta Prawna».
У папярэднія гады кіраўніцтва канцэрну «Польская група ўзбраенняў» (PGZ) неаднаразова заяўляла аб планах павелічэння экспарту ўзбраення, аднак з тых дэкларацый мала што вынікала. У 2021 годзе ў фірме змянілася кіраўніцтва, якое заявіла, што «кампанія павінна стаць перад усім пастаўшчыком узбраення для Войска Польскага».
Новы дырэктар Себаст’ян Хвалэк казаў, пра тое, што кампанія хоча экспартаваць, але замежныя пастаўкі не самае галоўнае для яе. У выніку ў 2021 годзе Польшча экспартавала зброі на суму 700 мільёнаў злотых, столькі ж, колькі ў 2018–2020 гадах, але менш, чым у 2017 годзе, піша выданне.
Усё змяніла агрэсія Расіі супраць Украіны. Фактычны абʼём экспарту і перадачы польскіх узбраенняў і ваеннай тэхнікі ўнутры ЕС у 2022 годзе дасягнуў мільярда 180 мільёнаў еўра, гэта рост больш чым на 681 мільёнаў у параўнанні з 2021 годам.
Самым папулярным польскім экспартным прадуктам стаў пераносны зенітны комплекс «PIORUN», які вырабляе PGZ. Цяпер кампанія рыхтуе комплексы новага пакалення «PIORUN NG» і «GRZMOT». Канцэрн заяўляе, што першыя выпрабаванні новага камплекта адбудуцца праз 18 месяцаў.
Польскія пераносныя зенітныя комплексы (ПЗРК) – «Piorun» – зарэкамендавалі сябе на ўкраінскім фронце і, як вынік, атрымалі міжнароднае прызнанне. Польшча найбольш экспартуе іх у скандынаўскія краіны, набываюць таксама амерыканцы, грузіны ды некаторыя іншыя дзяржавы. Усяго ў чарзе па «PIORUN» чакаюць каля дзясятка краін, піша выданне.
Апроч таго PGZ нарошчвае выпуск усіх відаў боепрыпасаў ды вядзе работы над магутным комплексам супрацьпаветранай абароны малой далёкасці «Нараў». Польскі бок наладзіў супрацоўніцтва з брытанскім вытворцам ракет CAMM-ER. Канцэрн працуе таксама над развіццём вытворчасці рэактыўнай артылерыі. Тут наладжана супрацоўніцтва з амерыканцамі. Мэта палякаў – стварыць буйны вытворчы цэнтр, магчыма, сумеснае прадпрыемства для вырабу сістэм HIMARS у Польшчы, піша выданне.
Пры гэтым экспарт не ёсць прыярытэтам, PGZ заяўляе, што арыентуецца на задавальненні патрэб Войска Польскага, якія апошнім часам значна ўзраслі.
Выданне зазначае, што кампанія хацела б стварыць у Польшчы мадэль працы падобную да амерыканскай, дзе галоўным атрымальнікам заказаў з'яўляецца ўрад.
юл